Таццяна Нядбай – Там, за сцяной

10,00 

Таццяна Нядбай – Там, за сцяной
Ілюстрацыя: Ірына Козікава
Рэдактура: Марта Цісевіч
Карэктура: Алеся Мярэжка
hochroth Minsk
Берлін, 2024
ISBN 978-3-949850-54-7

Другую кнігу паэзіі Таццяны Нядбай "Там, за сцяной" ад яе першай кнігі "Сірэны спяваюць джаз", за яку паэтка атрымала беларускую прэмію “Дэбют”, аддзяляе роўна дзесяць гадоў. Дэкада, падзеленая, як цэзурай, падзеямі ў Беларусі 2020 года на “да” і “пасля”. Падзел гэты перакуліў не толькі жыццё ўсёй Беларусі, але і лёс самой аўтаркі, якая прысвяціла час паміж кнігамі праваабарончай дзейнасці. Тым не менш, у новых вершах мы чуем усё той жа лірычны голас: канцэптуальна няўпэўнены, пяшчотны, але па-ранейшаму моцны, хоць і прыкметна агаломшаны падзеямі “пасля”, у эпіцэнтры якіх апынаецца лірычная гераіня.

Першая частка гэтай кнігі – “Асабістая справа” – уключае найноўшыя вершы-рэакцыі на жорсткае задушэнне беларускіх пратэстаў і змушаную эміграцыю соцень тысяч беларусаў. Але грамадзянскі пафас рэтушуецца тут інтымнасцю аўтарскай інтанацыі, ад чаго назва цыклу набывае дадатковы сэнс: беларускія рэпрэсіі для Таццянцы выходзяць са сферы палітычнага жыцця ў сферу прыватнага. Адзіны магчымы гаючы сродак тут – любоў. І хоць “словам не ператворыш пекла / у звонкі рай”, важна нашэптваць адно адному на вуха “мантры магіі”.

Другая частка кнігі – “Кампрамат з мінулага” – выбраныя вершы ранейшага часу, інтымная лірыка, што працягвае настроі кнігі “Сірэны спяваюць джаз”, але ў спакайнейшым рэгістры.

Новая кніга Таццяны Нядбай – пра адсутнасць (або немагчымасць) выбару паміж сіюмінутнасцю (вечарам) і вечнасцю, пра вечнасць, якая пралягла “паміж выбарам і выраем”. Апроч Максіма Знака ды іншых палітзняволеных беларусаў, “там, за сцяной”, у кнізе названы яшчэ адзін важна вязень-адрасат – родны Полацк, з якім не парваныя ментальныя і эмацыйныя сувязі, што робіць паэтку важнай удзельніцай Полацкага літаратурнага веча ў складзе сучаснага літаратурнага працэсу беларусаў.

Таццяна Нядбай нарадзілася 3.10.1983 г. у Полацку. Літаратарка, праваабаронца, менеджарка культурніцкіх і медыяпраектаў. Аўтарка паэтычнай кнігі «Сірэны спяваюць джаз» (2014), за якую атрымала прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2015) і прэмію «Залатая літара» (2019).

Вучылася філалогіі ў Мінску (2000–2006), Вільні і Любліне (2006–2011), абараніла дысертацыю па гісторыі беларускай літаратуры.

Пасля палітычна матываванага адміністрацыйнага арышту ў 2006 годзе жыла ў Польшчы. У 2015 годзе вярнулася ў Беларусь, дзе працавала ў галіне незалежных медыя (Press Club Belarus, да 2017 года), беларускай літаратуры, культуры і правоў чалавека (Беларускі ПЭН, з 2017 года), каардынавала іншыя культурніцкія, выдавецкія і медыяпраекты. У ліпені 2021 мусіла дзеля бяспекі пакінуць Беларусь разам з офісам Беларускага ПЭну. Сёння – старшыня Беларускага ПЭНу ў Варшаве. Намесніца старшыні фонду Open Culture ў Любліне (з 2012 года), супрацоўнічае з Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні.

Пераклала на беларускую мову кнігу Эвы Томпсан “Песняры імперыі. Расійская літаратура і каланіялізм” (2009). Суаўтарка перакладаў кніг Лешака Калакоўскага “Наш вясёлы апакаліпсіс” (2012), Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя” (2017) і іншых. Заснавала выдавецтва “Полацкія лабірынты”.