Дзмітрый Строцаў – Рoetická reportáž (Паэтычны рэпартаж)
Ілюстрацыі Святланы Соф’і Дземідовіч
Пераклады: Макс Бяляўскі, Марцыя Патон, Хелена Востры, Макс Шчур
hochroth Minsk
Берлін, 2024
ISBN 978-3-949850-47-9
Мова: чэшская
Дзмітрый Строцаў (нар. 1963) – беларускі паэт, які піша на рускай мове. Аўтар 22 кніг паэзіі, перакладзеных на розныя мовы, лаўрэат шэрагу еўрапейскіх літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі Бібліятэкі імя Вацлава Гаўла «Disturbing the Peace Award for a Courageous Writer at Risk» (2021). У цяперашні час жыве ў Берліне.
«Паэтычны рэпартаж» — першая кніга Строцава на чэшскай мове. Зборнік выйшаў у берлінскім выдавецтве hochroth Minsk, якое спецыялізуецца на выданні беларускай паэзіі на розных мовах. Паэтычны рэпартаж — уласны аўтарскі жанр Строцава, які паэт развівае больш за 20 гадоў.
У кнізе сабраныя вершы, напісаныя ў перыяд з 2008 па 2022 год. 2008 год – пачатак адкрытай расійскай ваеннай экспансіі, уварвання войскаў Расійскай Федэрацыі ў Грузію. 2022 год – поўнамаштабнае ўварванне расейскай арміі ва Украіну. Для Строцава як паэта цэнтральнай з’яўляецца неабходнасць сведчання пра трагедыю, часам з самага месца падзеяў. Гэта важнае пацвярджэнне годнасці і адказнасці асобы перад тварам ваеннай і палітычнай катастрофы.
У сваім новым зборніку аўтар звяртаецца да чэшскай аўдыторыі. Строцаў мае добрыя сувязі з Чэхіяй, падтрымлівае сяброўскія адносіны з фондамі Вацлава Гаўла і Арношта Люсціга і з чэшскімі перакладчыкамі. Вынікам гэтага сяброўства і стала кніга “Паэтычны рэпартаж”. Аўтар спадзяецца, што знаёмства з гэтай кнігай дапаможа чэшскаму чытачу бліжэй адчуць падзеі, якія адбываюцца ва Усходняй Еўропе, і больш поўна ўсвядоміць маштабы гэтай гуманітарнай катастрофы.