Сяргей Прылуцкі – Нічога нястрашнага
Ілюстрацыя: Кацярына Пікірэня
Рэдактар: Натальля Русецкая
Берлін, 2024
ISBN 978-3-949850-45-5
Мова: беларуская
Сяргей Прылуцкі (нар. 1980 у Берасьці). Аўтар кніг прозы «Йопыты двух маладых нелюдзяў» (2009), «Дэгенэратыўны слоўнік» (2014) і паэтычных зборнікаў «Дзевяностыя forever» (2008), «Герой эпохі стабільнасьці» (2014), «Патрыятызм для чайнікаў» (2016), «Далоў дарослых»(2017), «Эўрыдыка не азіраецца» (2021), «Гіброіды» (падрыхтаваная да друку). Жыве ва Ўкраіне.
“Засьпявай мне, тата, калыханку…”
“Нічога нястрашнага” (2024) – адна з самых шчырых, пранізьлівых і балючых кніг у нашай сучаснай паэзіі. І, мабыць, самы шчыры й пранізьлівы зборнік Сяргея Прылуцкага, украінскага грамадзяніна і беларускага паэта.
Вельмі балючая кніга, ад якой валасы могуць устаць дыба, – “Эўрыдыка не азіраецца” (2021) – у аўтара ўжо была, але там беларуская трагедыя здушанага паўстаньня і зьверскіх рэпрэсіяў перажываецца з кіеўскай пэрспэктывы жыхара Бучы. Цяпер жа сама Буча зрабілася эпіцэнтрам болю – і катастрафічны разлом прайшоў праз уласны дом (даслоўна!), у які прыйшлі акупанты; праз жонку і сына, якія мусілі зьехаць у выгнаньне; праз сэрца паэта, які мусіў застацца.
І чытачы маюць амаль постапакаліптычны “рэпартаж зь месца падзеяў”, амаль без заўсёднай у аўтара абарончай іранічнай дыстанцыі. Звыклы сусьвет рухнуў і лірычнаму герою застаецца ўсё меней псіхалагічных падпорак. Танчыць з курткай, якая ўсё яшчэ захоўвае пах тваёй каханай жанчыны? Апавядаць у лісьце далёкаму сыну, як у цябе на вачах, замест яго самога, растуць і сталеюць ягоныя дзіцячыя цацкі? Такія вось “фантомныя радасьці”.
Так, першая і вельмі значная частка зборніка – ліставаньне з сынам Адамам. Яшчэ адна моцная эпісталярная кніга беларускай паэзіі. Мабыць, ёсьць у гэтым агульны знак нашай беспрытульнасьці й раскіданасьці па зьнешніх ды ўнутраных эміграцыях. Але ёсьць і тое аўтабіяграфічнае, чаго не магло быць у іншых паэтаў і паэтак.
Аўтар, як той вечна зьменлівы Пратэй, кожным новым томікам чуйна рэагуе на зрухі навакольнага сьвету, адначасова захоўваючы нязьменнай “сярэдзіну” свайго сьветаадчуваньня і “фішкі” паэтычнай тэхнікі. Да апошніх належаць цьвярозыя празаізмы, здольныя вярнуць на зямлю празьмерны некантраляваны патас. Так, лірычны герой стрымлівае сьлёзы і прапануе сыну “намаляваць сраку”, бо і ён таксама, на радасьць тату, расьце хуліганам.
Іншая ратавальная брытва, за якую можна схапіцца, тонучы, – дыялог з папярэднікамі і сучасьнікамі. Можна абмеркаваць настаўніка музыкі з усходу ды магілы ў паветры з Паўлем Цэланам. Падхапіць “Абарваную элегію” Актавія Паса, згадваючы “нашых мёртвых”. Або паразважаць пра будучы лёс сына як “сейбіта ці ваяра” з Алесем Разанавым.
Пакуль лірычны герой Сяргея Прылуцкага ў Бучы прыбіраецца ў сваёй кватэры, загаджанай расійскімі акупантамі, сам паэт спрабуе нанова абжываць, упарадкоўваць сьвет мовы, ачышчаючы яе ад сэнсаў і інтанацыяў, што таксама ператварыліся ў купы бруду з пачаткам гэтай вайны. Бо не сумняецца ў непазьбежнай перамозе. Бо не сумняецца і ў тым, што зло нікуды не падзенецца, маючы вялікі досьвед і кулю “для сёстраў вашых вітольдзе рамане / для сына твайго марыя”. Бо й нашым дзецям давядзецца прыбірацца ў беларускім і ўкраінскім “доме быцьця”. І мы, як той казаў, нясем адказнасьць за тых, каму пішам лісты.
Андрэй Хадановіч