Кася Іофе – Шыба без шкла

Кася Іофе: Шыба без шкла
Ілюстрацыя: Ксенія Ангелава hochroth Minsk
Berlin, 2023
ISBN 978-3-949850-40-0

Шыба без шкла – тое, што засмучае і здзіўляе. Прымушае спыніць рух і думкі, дакрануцца да балючага вобраза, які спаткае на вокладцы ў выглядзе назвы і суправаджае падчас падарожжа па старонках. Для Касі Іофе, беларускай паэткі, перакладчыцы, псіхатэрапеўткі, кніга стала месцам аўтарэфлексіі і судакранання з чытачом. 

Зварот да яго ажыццяўляецца па-за межамі, з якіх першая моўная. У кнізе змешчаны вершы на беларускай, рускай, польскай, некаторыя творы згадваюць пра украінскую, ідыш. 

Але «па-за межамі» не толькі праз мову і нават геаграфію. Справа ў адлегласці ментальнай, якая таксама пераадольваецца: стваралася кніга ва ўмовах рэлакацыі, з улікам досведу 2020 года, гранічна трагічнага, але не руйнуючага. Аб гэтым сведчаць і вобразная сістэма, дзе гіпернатуралістычныя метафары, нібы вывернутыя суставы, лякуюцца прыроднай стыхіяй, сумяшчаючы прыроднае і сацыяльнае, і фанетыка радкоў, пабудаваных на збіцці гукаў, паўторах, і аўтарскія неалагізмы з кавалкамі сэнсаў. А па-за ўсім гэтым постаць лірычнай гераіні, якая прынцыпова не адасабляе сябе ад мастацкага сусвету з ягонай крохкай надзеяй, што можа існаваць толькі побач з «белым, чырвоным, белым болем, чаканнем, болем».

[wpshopgermany product=”4750″]